МАСКО́ЎСКІ МУЗЫ́ЧНЫ КА́МЕРНЫ ТЭА́ТР.

Засн. ў 1971 на базе Вучэбнага т-ра Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (існаваў з 1958). Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.Пакроўскі. Мае на мэце адраджэнне традыцый старадаўняй оперы, зліццё сцэн. і муз. інтэрпрэтацый (спевакі — драм. акцёры), аб’яднанне артыстаў, аркестра і публікі ў працэсе спектакля (частковы перанос дзеяння ў глядзельную залу і інш.), пошук новых жанравых форм. Ставяцца оперы, зінгшпілі, мюзіклы і спектаклі новых жанраў, напр., «музычна-псіхаграфічная драма» «Дваранскае гняздо» У.​Рэбікава. Адначасова т-р захоўвае традыцыі рус. опернага т-ра. У рэпертуары: «Сокал» Дз.​Бартнянскага, «Скупы» В.​Пашкевіча, «Дырэктар тэатра» В.​А.​Моцарта, «Аптэкар» І.​Гайдна, «Нос» Дз.​Шастаковіча, «Бедныя людзі» Г.​Сядзельнікава, «Шынель», «Брычка» і «Плады асветы» А.​Холмінава, «Растоўскае дзейства» Дз.​Растоўскага, «Прыгоды гулякі» І.​Стравінскага, «Давайце створым оперу» Б.​Брытэна, «Жыццё з ідыётам» А.​Шнітке. У складзе т-ра: Б.​Дружынін, Н.​Якаўлева, М.​Лемешава, Э.​Акімаў, Л.​Сакаленка, М.​Жукава, А.​Мачалаў і інш. Гал. дырыжоры: Г.​Раждзественскі (з 1974), Л.​Асоўскі (з 1987).

Літ.:

Покровский Б.А. Ступени профессии. М., 1984.

т. 10, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)